Фэст экскурсаводаў-2018 пройдзе ў Беларусі і замежжы 21 – 22 красавіка

27.03.18

Новости туризма

Сёлета ўпершыню ў межах свята адбудзецца Беларуская інтэлектуальная гульня на тэму гісторыка-культурнай спадчыны і турызму, таксама чакаюцца вандроўкі ў Варшаве, Празе, Вільнюсе, Львове і іншых гарадах.

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў, падчас якога бясплатна можна трапіць на самыя разнастайныя ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне, а таксама ў замежжы.

Кожны дзень, ідучы на працу ці заняткі, мы абмінаем унікальныя помнікі культуры, архітэктуры, прыроды, але нават не здагадваемся пра гэта. Дзякуючы Фэсту экскурсаводаў з’яўляецца магчымасць па-іншаму зірнуць на штодзённыя рэчы і перамяніць сваё стаўленне да спадчыны. Падчас вандровак гіды і краязнаўцы звяртаюць увагу наведвальнікаў не толькі на велічныя замкі і манументальныя палацы, але і на дарагія сэрцу невялікія дамкі, заняпалыя сядзібы – усё, што стварае непаўторнасць роднага краю.

Сёлета Фэст экскурсаводаў пройдзе 21 – 22 красавіка. Кожны год ён мае свае адметнасці, і дзявяты фэстаўскі сезон не стане выключэннем. Апроч новых незвычайных экскурсій упершыню ў межах Фэста пройдзе Беларуская інтэлектуальная гульня, якая будзе прысвечана тэме гісторыка-культурнай спадчыны і турызму.

Экскурсіі ў межах Фэста запланаваны самыя разнастайныя:

  • дзіцячыя,
  • літаратурныя,
  • роварныя,
  • анімаваныя,
  • экскурсіі-квэсты.

Таксама адбудуцца вандроўкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падчас Фэста пройдуць цікавыя імпрэзы і майстар-класы.

Як звычайна, сягне Фестываль і ў замежжа. Сярод еўрапейскіх гарадоў экскурсійныя вандроўкі адбудуцца ў Варшаве, Празе, Львове і інш.

Ідэя Фэста нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо 8 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі, якія з нецярпеннем чакаюць штогадовае свята экскурсій.

Арганізатарамі Фэста экскурсаводаў-2018 выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ “Нацыянальнае агенцтва па турызме”, Грамадскае аб’яднанне “Беларускi фонд культуры”.

Падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне +375297762435, а таксама на сайце фестываля festguides.by.

window.onload = function(){ };