Складзі свой маршрут падчас «Фэста экскурсаводаў-2017»!

28.02.17

Новости туризма

22 – 23 красавіка 2017 года па ўсёй краіне пройдзе шэраг бясплатных экскурсій для ахвотных. “Фэст экскурсаводаў”, які ўжо стаў традыцыйным, прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцін. Свята адзначаецца 18 красавіка.

“Фэст экскурсаводаў” дапамагае звярнуць увагу беларускага грамадства на тыя помнікі, якія знаходзяцца побач з кожным з нас. Часам мы нават не ўяўляем, наколькі багатая гісторыя тых месцаў, дзе мы жывём, працуем ды звыкла бавім свой час. Веданне гісторыі свайго краю, раёна, горада, вёскі – гэта падстава для гонару сваёй Радзімай!

Сёлета стваральнікі “Фэста экскурсаводаў” не ставяць на мэту павялічыць колькасць бясплатных экскурсій, але будуць больш пільна адсочваць іх якасць. Так, плануецца правесці максімальную колькасць арыгінальных аўтарскіх экскурсій, на якія можна трапіць толькі падчас “Фэста. экскурсаводаў”.

Наведвальнікаў, як заўжды, чакае шэраг цікавых і арыгінальных экскурсій па Мінску. Адметна, што правядзенне “Фэста экскурсаводаў-2017” супадзе з 950-годдзем першага ўпамінання пра горад Мінск. Чым не нагода для вандровак па любімым горадзе? – мяркуюць арганізатары “Фэста эксаурсаводаў”.

У рэгіёнах пройдуць, традыцыйныя міні-фэсты: ў Гродна, Полацку, Віцебску; цікавыя экскурсы па іншых абласных і раённых цэнтрах, і нават па асобных вёсках. Экскурсіі разнастайныя: па храмах, спартыўных аб’ектах, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, роварныя, дзіцячыя, прысвечаныя юбілеям класікаў беларускай літаратуры (135-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа), на замежных мовах і мноства іншых.

Плануецца, што ў межах “Фэста экскурсаводаў - 2017” таксама пройдуць бясплатныя экскурсіі па беларускіх мясцінах Вільні, Масквы і ўпершыню – Кракава.

Традыцыйна арганізатары “Фэста экскурсаводаў” прысвячаюць яго пэўнай нагодзе або асобным катэгорыям помнікаў. Сёлетні Фэст пройдзе пад дэвізам “Складзі свой маршрут”. Арганізатары заклікаюць ахвотных скласці бліжэйшым часам цікавыя маршруты для сваіх вандровак і здзейсніць гэтыя планы на працягу года. Са свайго боку арганізатары прапануюць незвычайныя аб’екты, якія могуць увайсці ў гэты пералік.

Арганізатарамі “Фэста экскурсаводаў-2017” з’яўляюцца Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ “Нацыянальнае агенцтва па турызме”, Грамадскае аб'яднанне “Беларускi фонд культуры”.

Аргкамітэт Фэста запрашае экскурсаводаў, гісторыкаў-краязнаўцаў далучыцца да мерапрыемства. Для ўдзелу неабходна падаць заяўку. Каб атрымаць падрабязную інфармацыю, скантактоўвайцеся з арганізатарамі праз электронную пошту: festguides@gmail.com альбо па тэлефонах:

  • +375 29 776 24 35 (Павел Каралёў),
  • +375 29 896 97 85 (Валянціна Кароткіна).

Спіс экскурсій будзе апублікаваны за тыдзень да Фэста.

Даведка

“Фэст экскурсаводаў” – ініцыятыва беларускіх краязнаўцаў-энтузіястаў, якая нарадзілася ў асяродку студэнцкіх арганізацый Мінска. Праводзіцца штогод з 2009 года. З кожным годам “Фэст экскурсаводаў” папаўняецца цікавымі маршрутамі, адметнымі спецыялістамі і наведвальнікамі. Падчас Фэста праводзіліся тэатралізаваныя экскурсіі, экскурсіі ў электрычках, на пазадарожніках, па прамысловых прадпрыемствах і шэраг іншых. Летась было арганізавана больш за 100 экскурсій па Мінску, і больш за 80 - у рэгіёнах, якія наведала звыш чатырох тысяч чалавек.

Удзел у “Фэсце экскурсаводаў” бясплатны, але арганізатары адкрытыя для супрацоўніцтва з зацікаўленымі фірмамі, прадпрыемствамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

window.onload = function(){ };