«Кулінарнае кола Мінска»: жыццёвым маршрутам аўтаркі бэстсэлера 19 стагоддзя «Літоўская гаспадыня»

27.02.15

Фоторепортаж

Разам з гісторыкам Паўлам Каралёвым карэспандэнт Traveling.by праехаў шляхам жыцця аўтаркі першай беларускай кулінарнай энцыклапедыі і пакаштаваў стравы, прыгатаваныя па аўтэнтычных рецэптурах.

На гадзінніку – 8 раніцы. Наперадзе – складаны і насычаны дзень, за які мы давадаемся ўсё, што зараз вядома пра Ганну Цюндзвіцкую. За дзень мы праедзем па тых месцах, дзе яна нарадзілася, хрысцілася, пабралася шлюбам, жыла, пісала свой бэстсэлер і памерла ў адносна маладым узросце 46 гадоў. 46 гадоў за адзін дзень – наша мэта.

Жыццё аўтаркі першай кулінарнай энцыклапедыі на Беларусі Ганны Цюндзявіцкай – вялікая загадка, не цалкам разгаданая і па сёння. Дый тое, што сапраўднае імя аўтаркі “Літоўскай гаспадыні”, якая ў 1848 ананімна выйшла ў друкарні Завадскіх у Вільні, стала вядома – шчаслівая выпадковасць. Упамінанне пра асобу Ганны Цюндзявіцкай у адным з даўніх навуковых артыкулаў гісторыка Ельскага сустрэў Адам Мальдзіс, гісторык і навуковец.

“Літоўская гаспадыня” стала сенсацыяй свайго часу і бэстсэлерам на ўсе наступныя часы – энцыклапедыя з парадамі і рэцэптамі ад беларускай шляхцянкі была перавыдадзеная пяць разоў на польскай мове, адзін раз – на рускай мове і двойчы – на беларускай. Апошняе перавыданне адбылося ў 2012 годзе.

Чым жа такая выбітная “Літоўская гаспадыня”?
Гэта была першая энцыклапедыя на беларускіх землях, якая сваімі парадамі і рэцэптамі ахоплівала амаль усе гаспадарчыя пытанні, якія неабходна было вырашаць на падворку. Як гадаваць свіней і вырошчваць лен ды табак, як вырабляць лікёры на травах і карыстацца касметыкай. Аб шырыні ахопу гаспадарчых спраў можна меркаваць ужо толькі па поўнай назве кнігі: “Літоўская гаспадыня, ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым”. Адметным было тое, што ўсе гэтыя парады былі напісаныя шляхцянкай, а ў той час шляхце было не да твару ўласнаруч весці гаспадарку. Метавіта таму энцыклапедыя выйшла ананімна.

Каралішчавічы

Першая кропка нашага “кола” і, вядома, жыцця гераіні гэтага маршруту – вёска Каралішчавічы пад Мінскам. Менавіта тут у ліпені 1803 года ў сям’і Прушынскіх нарадзілася дзяўчынка, якую вырашылі назваць Ганнаю. Так, у тым самым шляхецкім родзе, якому належыла Лошыца, Новы Двор, Новы Трасцянец і навакольныя вёскі.

Сёння ў Каралішчавічах пра жыццё аўтаркі “Літоўскай гаспадыні” нагадваюць толькі падмуркі дома Прушынскіх і драўляны касцёл, дзе хрысцілі маленькую Ганну. Касцёл быў падубаваны ў 1785 годзе яшчэ дзедам Ганны – Станіславам Прушынскім. Ім жа была пабудаваная і сядзіба, гаспадары якой заўсёды славіліся шыкоўнымі частаваннямі – сталы аж ламіліся ад розных страў. У свой час тут гасцяваў сам імператар Павел І. 


Засталіся толькі рэшткі канюшняў

Дом, за якім адкрывалася чароўная панарама ракі Свіслач, згарэў у 1989 годзе – засталіся толькі сутарэнні. І панарама ракі.

Касцёл жа, у якім калісьці быў шыкоўны інтэр'ер у стылі ракако і арган, на якім граў сам Манюшка, у савецкі час пераабсталявалі пад клуб. А ў 1990-я гады і ўвогуле закінулі. Толькі ў 2013 годзе, пасля амаль дваццацігадовых змаганняў з уладамі, вернікі вярнулі сабе будынак і часткова аднавілі як касцёл. Часткова – таму што пакуль няма магчымасці аднавіць цалкам.

Па дарозе заязджаем у вёску Новы Двор, якая належала роду Прушынскіх. Тут захаваўся сядзібны дом Бунгераў, які збярогся цалкам – з аўтэнтычнымі лесвіцай і зводамі. У ім зараз знаходзіцца царква Архангела Міхаіла.

Прылукі

Наш экскурсійны аўтобус накіроўваецца ў Прылукі – у палац 19 стагоддзя. Зараз мы ведаем яго як палац Гутэн-Чапскіх, ў свой час тут пабывала шмат выбітных асобаў, сярод якіх Эдвард Антоній Адынец – сябар Ганны Цюндзявіцкай. І можна з вялікай верагоднасцю казаць, што Ганна бывала ў гэтых сценах. Цікава, што ў вайну тут была рэзідэнцыя Кубэ, а пасля вайны да 50-х гадоў палац стаяў у руінах. Ад поўнага знішчэння яго выратаваў… каларадскі жук. Пад барацьбу з гэтым паразітам палац аднавілі і ў ім пачаў працаваць Інстытут аховы раслін.

Цікавосткай з’яўляецца і палацавы парк – ад брамы да ганка ўздоўж старадаўніх дрэваў можна налічыць роўна 365 крокаў.

Заслаўе

Заслаўе – наступную кропку нашага маршруту – выкупілі бацькі Ганны. Тут у 1826 годзе яна пабралася шлюбам з Юзэфам Цюндзявіцкім. Але ў якім з двух тагачасных касцёлаў прайшло вянчанне – гістарычная загадка. Магчыма, гэта была сённяшняя Спаса-прэабражэнская праваслаўная царква, былы кальвінскі збор 16 стагоддзя.

А можа і касцёл Раства Дзевы Марыі.

У заслаўскім музеі “Млын” нас ужо чакаюць пачастункі, прыгатаваныя па аўтэнтычных рэцэптах самой Ганны – з яе кулінарнай энцыклапедыі “Літоўская гаспадыня”. Дарэчы, менавіта супрацоўнікі музея прапанавалі ідэю зрабіць экскурсійны маршрут, прысвечаны Ганне Цюндзявіцкай, – а калі дакладней, Ігар Жалткоў. Ідэя была падтрымана дырэктарам Мікалаем Паграноўскім, які ўвогуле марыць пра фэст у Заслаўі, які будзе цалкам пысвечаны Ганне Цюндзявіцкай. 

Дзякуючы майстэрству Зоі і Алеся Прышывалак, аўтараў праекту “Жорны” мы каштуем жытневы хлеб і хлеб крохкі з чарнушкай, незвычайнага чорнага колеру яблычны сыр і пернікі.

Алесь з Зояй падрабязна распавядаюць пра асаблівасці прыгатавання і захоўвання гэтых прысмакаў. Напрыклад, увесь працэс прыгтавання хлеба займае… 17 гадзін. І за кошт жытневай мукі ён можа захоўвацца вельмі доўга. Неверагодна, але ў былыя часы беларусы ведалі, як трэба гатаваць так, каб масла захоўвалася год, а сычужныя сыры – два і тры гады.


Так выглядае яблычны сыр у працэсе прыгатавання

- У свой час “Літоўская гаспадыня” перавярнула маё ўяўленне пра беларускія кулінарныя традыцый, побыт, дый увогуле пра нашу гісторыю, - успамінае Алесь Прышывалка. – Нас са школы вучылі, што мы – бедныя сяляне-беларусы, такая наша гісторыя, а ў энцыклапедыі я пабачыў зусім іншыя рысы. Напрыклад, там так і напісана: “Калі вы жадаеце прыгатаваць шакалад, ідзіце ў лаўку да габрэя і купіце какава-бабоў...” І менавіта “Літоўская гаспадыня” падштурхнула мяне да першых спроб з хатнім хлебам, што неўзабаве вылілася ў сямейную справу – штукарскую пякарню.

Зоя цалкам падтрымлівае мужа:

- Гэтую кнігу варта прачытаць хаця б дзеля таго, каб зразумець, што беларусы, мы з вамі, не сяляне ад сахі і касы. Нашы продкі – адукаваныя людзі, шляхта, з родаў якой паходзіць нямала выбітных людей. І сваім дзецям неабходна передаць гэтае разуменне – мы не забітыя сяляне, мы нашчадкі разумных выкшталцоных шляхцічаў і шляхцянак.

Лагойск

Лагойшчына – слынная зямля, прычым большай часткай слынная дзякуючы братам Тышкевічам, Яўстафію і Канстанціну. Менавіта яны шмат зрабілі дзеля таго, каб пашарыць славу пра сваю малую радзіму ў Еўропе. Менавіта яны адкрылі першы ў Беларусі музей з рэдкімі і каштоўнымі артэфактамі, археалагічнымі знаходкамі – Кансатнцін быў апантаным археолагам, асабіста ўдзельнічаў у раскопках больш за 200 курганаў. І менавіта яны запрашалі да сябе ў палац пагасціць Ганну Цюндзявіцкую. Сёння ад гэтага палаца засталіся толькі рэшткі дзвюх сценаў. Праўда, захавалася вартоўня.

Тут жа, недалёка ад гэтага месца, у касцёле знайшлі рэшткі Канстанціна Тышкевіча і разам з іншымі рэшткамі перанеслі іх дзеля пахавання. Увогуле ж, на Беларусі рэдка можна сустрэць надмагіллі – гэтая культура згубілася за апошнія 100 год.

Зэмбін

Яўрэйскае мястэчка Зэмбін вядома яшчэ з 1520-х гадоў. Няма сведчанняў, што Ганна дакладна тут была, аднак у гэтае паселішча абавязкова варта заехаць. Напрыклад, для таго, как пабачыць, што сталася з апошнім беларускім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваным у стылі барока ў 1809 годзе. За савецкім часам тут было зернесховішча, а пасля будынак прыйшоў у заняпад. На яго фасадзе яшчэ можна прачытаць надпіс па-польску “Панна, ласкава маліся за нас”. І калі касцёл яшчэ чакае свайго часу, праваслаўная царква 1908 года, на радасць вернікам, узноўленая пасля вялікага пажару за кошт сродкаў БАТЭ.


Мясцовыя жыхары расказваюць пра зернесховішча ў сценах святога месца...

Храм Аргхангела Міхаіла – той самы, у які на танку ўязджаў вядомы расійскі рэжысёр Мікіта Міхалкоў. Адбылося гэта падчас кіназдымак яшчэ пры савецкай уладзе.

Яшчэ адно цікавае месца ў Зэмбіне – Барысаўскі аб’яднаны музей, дзе ёсць экспазіцыя мазаікі Надзеі Хадасевіч-Лежэ, вядомай французскай мастачкі, маці якой  нарадзілася ў Зэмбіне. Усё жыццё яна захоўвала сувязь з роднай зямлёй, балансуючы маміж Еўропай і Саветамі. У музеі нават можна пабачыць адлюстраванне гэтага – мазаікі з выявамі Леніна і Пікасо рукі Надзі Лежэ вісяць побач. Яшчэ адно такое адлюстраванне – Надзея атрымала дзве высокія ўзнагароды – Ордэн Ганаровага Легіёна і Працоўнае Чырвонае Знамя.

Пакуль яна была ў Парыжы, яна замаўляла рэпрадукцыі лепшых шэдеэраў і адпраўляла іх у Зэмбінскую школу – дзеля навучання дзяцей. Усяго было каля 60 такіх рэпрадукцый вельмі высокай якасці, зараз захавалася ўсяго некалькі дзесяткаў. Усе можна паглядзець у Зэмбінскім музеі. Ёсць там і іншыя цікавыя экспанаты і тэматычныя выставы.

Кішчына Слабада

Апошні пункт нашага маршруту і апошні пункт жыццёвага маршруту Ганны Цюндзявіцкай – Кішчына Слабада, дзе жыла і пахаваная аўтарка знакамітай “Літоўскай гаспадыні”. Сядзіба Цюндзявіцкіх захавалася, але ў вельмі жахлівым стане. Год назад мясцовыя ўлады імкнуліся прадаць яе за адну базавую велічыню, але ахвотных не знайшлося. Відаць, не ведалі, што сутарэнні сядзібы знаходзяцца ў добрым стане і ўяўляюць сабою сапраўдны падземны паверх.

Тут жа, праз дарогу, знаходзіцца перабудаваная пад склеп каплічка, якая калісьці насіла імя сьв. Ганны. Побач з ёю – надмагіллі Цюндзявіцкіх, у тым ліку маршалка шляхты Барысаўскага павету, палкоўніка Мельхіёра Цюндзявіцкага, швагра Ганны.

У Ганны было шасцёра дзяцей, зараз жа нашчадкі Цюндзявіцкіх жывуць у Польшы, Аўстрыі і Аргенціне.

З Кішчынай Слабады выязджаем ужо цемначы. Кола замыкаецца. Вядома, мы не змаглі вам расказаць усе цікавосткі з жыцця Ганны і гісторыі яе родных мясцін. Даведацца ўсе акалічнасці можна, адправіўшыся з Паўлам Каралёвым і турфірмай “Колорлэнд” у сваё кола вакол Мінска.

Тэкст: Таццяна Данілушкіна

Фота: Павел Букаты

* “Менскае кола” – цыкл аўтарскіх экскурсій ад гісторыка і экскурсавода Паўла Каралёва. Сэнс – праехаць тымі ж маршрутамі, якімі 200 год назад ездзіла ў госці адно да аднаго беларуская шляхта. Мэта – звярнуць увагу на стан старадаўніх беларускіх палацаў і сядзібаў і, магчыма, знайсці спонсара дзеля вырашэння сітуацыі. 

Экскурсіі па Беларусі 

window.onload = function(){ };